Спасибо коллегам laapooder и М. К.!
«Першацвет» Частка другая. Жаночая паэзія. Людміла Барадзейка
10.11.2012 16:27
Працягваем знаёмства з першым нумарам часопіса маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”, які выйшаў у кастрычніку 1992 года – 20 гадоў таму.
Алег Лойка ва ўступным артыкуле “Першацьвет – на радасць” адзначаў, што “…першацьвет – першая кветка вясны. І як жа тут не ўспомніць пра гэта, у двукоссі як святочную назву беручы для новага нашага часопіса маладых слова “першацьвет”?!”
“…У нялёгкі, складаны час памкнуўся ты ўзыходзіць… Але гэта яшчэ адзін доказ, што і асфальт травінка прабівае…”
“…Без кветак няма надзеі на плён. З надзеяй я гляджу на “Першацьвет”, сэрцам вітаючы вас, юныя творцы, творы якіх няхай жа багатым першацьветам закрасуюцца ля бруістых крыніц паэзіі і літаратуры беларускай!”
Людміла Барадзейка
* * *
Ад свечак сасны загараецца восень,
цячэ па ствале цеплынёю ласкавай
і сполахам рыжым спадае на травы,
каб полымем яркім усё занялося…
Халодны агонь нечаканае сілы
ў румяных юргінях, у верасе белым,
і ў тым адзінокім, даверлівым, смелым,
хто з павуціння зрабіў сабе крылы
і ўзмыў разам з ветрам у неба спатоліць
адвечную прагу жыцця і пазнання.
Урачыстае ў небе застыла маўчанне –
і дождж яго сэрца і раніць, і гоіць.
Вось сонцам яно акунулася ў просінь.
Не згасла. Не грэе. Паціху іскрыцца,
як свечка, з якой развіталася восень…
І Богу-агню я іду памаліцца.
* * *
Калі горад жывы раніцой камянее
і дагарае спатканне ў прысаку слоў,
тут, на беразе, шчэбень, бы сотня вузлоў,
мне на памяць і кветка счарнелай лілеі.
Мне пакінуты пырскі салютам святочным
і заспаныя ўсмешкі зіхотлівых промняў,
і раса, і трава… Я ўсё гэтае помню.
Толькі вочы ў нябыт адплываюць твае.
* * *
Растаю сняжком сакавіцкім
ты таксама станеш другі,
і жыццёваю таямніцай
будуць вербаў гарэць катахі.
У зялёным пайду маліцца
за цябе я, мой дарагі.
Мы не стрэнемся.
Сонца сніцца,
яно сніцца мне ў храме тугі.
* * *
А на прыпынку між будзённым і святым
завея кружыць, кружыць вальса першы тур.
Перавірае вецер ноты партытур
і рвецца ўвысь вясны далёкае матыў.
І мякка снег кладзецца на далонькі
маўклівай паркі – вечнай варажэі…
І лёс ад белай замяці цяжэе,
бы ад падзей настойлівых і ломкіх.
Што маладзіцы тут вядуць вячоркі,
сказаў мне ўчора хмуры падарожны.
А вальс гучыць прызыўна і трывожна
і значаць шлях пушыстых зорак голкі.
* * *
Можна плюнуць у твар зямлі –
і яна не адкажа зубатычынай,
бо даўно ўжо служыць
грамадскай прыбіральняй.
Можна выпацкаць чалавека ў хлусні –
і ён адкажа, бо сам згадзіўся
сведчыць аб усеагульнай бесчалавечнасці.
Можна назваць сваю ненажэрнасць
пачуццём і цешыцца ёй, як
любімай хваробай,
бо кожны ў паходзе за Радзіму
заняты сабой…
Можна ўсё, чаго хочацца,
і нават таго, што забаронена.
Закон – засяроджаны лазьнік,
якому няма часу адмыцца самому.
http://web-archive-net.com/page/4543616/2.....
см. с 1 мин 26 сек